ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.
Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.: Изборник Святослава 1073 г. М., 1983; Изборник 1076 г. М., 1965.
Літ.:
Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст. М., 1977;
Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)